Ксенія ГАЛЕЦКАЯ: "Лёгка спяваць, жыць і сябраваць!" газета "КУЛЬТУРА"

preview

Спяваць, танцаваць, перамагаць у конкурсах, адначасова працаваць на тэлебачанні, вучыць тры замежныя мовы, маляваць, аказваць першую медыцынскую дапамогу — усё гэта з лёгкасцю і радасцю можа рабіць 11-гадовая Ксенія Галецкая. Менавіта яна ў хуткім часе прадставіць Беларусь на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”. Ёсць у Ксеніі правіла — без перамог і прэмій з конкурсаў не вяртацца. Віцебскі фестываль не павінны стаць выключэннем — энергіі і аптымізму ў юнай артысткі хапае, моцы ў голасе таксама, песні яскравыя, гучныя і рытмічныя. Застаецца пажадаць толькі ўдачы!

— Табе хутка толькі 12 гадоў, а за плячыма ўжо сапраўдная творчая біяграфія — ёсць пра што расказаць, чым пахваліцца. Давай ад самага пачатку!

— Калі мне было шэсць гадоў, мама пачула, як я чысценька спяваю, і вырашыла далучыць мяне да музыкі, адвяла ў студыю Палаца культуры чыгуначнікаў у Гомелі. Мама таксама звязаная з мастацтвам — яна прафесійны харэограф. У Палацы культуры маім першым педагогам была Ларыса Пятроўна Гаравенка. Потым я трапіла ў тэлепраект “Я пою”, і вось з яго ўсё і пачалося па-сур’ёзнаму: пайшлі запрашэнні на канцэрты, паездкі на міжнародныя конкурсы, узнагароды, Гран-пры. А недзе год таму наша сям’я пераехала ў Мінск, і я пачала займацца ў дзіцячай студыі мастацтваў Malinovka by Spamash прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”.

— Хто найбольш цябе падтрымлівае ў імкненні спяваць?

— Канешне ж, мая сям’я. Гэта і мая падтрымка, і мае галоўныя фанаты. У мяне два браты, сястра, папа, мама. Старэйшаму брату Вове 20 гадоў, сястры Машы 18. А маленькаму браціку Арсенію хутка будзе два гады. Калі я абіраю нейкую новую песню, рыхтуюся нешта вучыць, недзе ўдзельнічаць, мы збіраемся ўсёй сям’ёй і абмяркоўваем, раімся што ды як.

— У цябе надзвычай насычанае жыццё, ці бывае яшчэ вольны час?

— Асабліва ўсё закруцілася пасля таго, як я прайшла адбор на “Славянскі базар у Віцебску”. Да конкурсу мяне рыхтуе прадзюсарскі цэнтр “Спамаш”, і ў графіку многа канцэртаў, фотасесій, рэпетыцый, інтэрв’ю, я пачала многа працаваць у студыі гуказапісу,
займаюся танцамі ў стылі хіп-хоп. Нядаўна мы знялі кліп на конкурсную песню і ўжо прэзентавалі яго. А так я яшчэ і на тэлебачанні працую ў Гомелі — вяду перадачу ў пары з адным хлопчыкам, перыядычна езджу на здымкі: мы там размаўляем з гасцямі, расказваем цікавыя факты. У вольны час люблю чытаць — самыя любімыя ў мяне кнігі пра Гары Потэра. Яшчэ трохі малюю.

— Табе падабаецца жыць у такім тэмпе? Трэба ж яшчэ і ў школе вучыцца.

— Так, мне вельмі падабаецца, калі многа канцэртаў, рэпетыцый. І ў мяне атрымліваецца сумяшчаць усё са школай, таму што я разумею, што і тое, і тое важна. Канешне, здараецца, прапускаю заняткі, але педагогі ідуць насустрач, тым больш, што я вучуся добра. Зараз канікулы, і стала трохі лягчэй. Я скончыла шосты клас лінгвістычнай гімназіі. Зараз вучу тры мовы: спачатку была толькі англійская, а вось у апошні год дадаліся яшчэ французская і кітайская. Самая складаная мова, канешне, кітайская. Мне ўсё гэта цікава, дадатковыя веды — чаму б і не? Калі вырасту, хачу ездзіць выступаць у розныя краіны, удзельнічаць у фестывалях. І гэта ж будзе выдатна, калі я прыеду ў Кітай і буду ведаць мову, на якой там размаўляюць.

— А ты вельмі хацела трапіць на “Славянскі базар у Віцебску”? Чым будзеш радаваць публіку?

— Канешне, вельмі хацела. Глядзела і дзіцячы, і дарослы конкурсы, уяўляла сябе на гэтай сцэне. У Віцебску я буду выконваць дзве песні. Першая Back in the U.S.S.R групы The Beatles — тая ж, што была і на адборы ў Оршы. Але ў цікавай версіі, дзе можна і вакал паказаць, і характар, і дзе можна будзе патанцаваць. Другая песня новая — яна называецца “Грай”. Музыку і словы напісала кіраўнік студыі Malinovka by Spamash Анастасія Марчук, а аранжыроўку зрабіў мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” Раман Козыраў. Самае цікавае, што ў мяне на сцэне будзе падтрымка, са мной выступіць юная цымбалістка Насця Ванеева — тая, што ўдзельнічала ў тэлешоу “Лучше всех” і вучыла Максіма Галкіна правільна называць нашу краіну Беларусь. Калі мне сказалі, што яна выступіць разам са мной, я вельмі ўзрадавалася. Насця такая таленавітая, і на рэпетыцыях нумару ў нас з ёй вельмі добра ўсё атрымліваецца. А ў запісе песні партыю цымбал выканаў знакаміты беларускі музыкант Міхаіл Леончык, які гастралюе па ўсім свеце.

— Песня “Грай” пра цымбалы?

— І пра цымбалы, і пра нашу краіну ўвогуле, пра тое, як здорава ў ёй жыць: “Лёгка тут спяваць, жыць і сябраваць, у марах добры лёс маляваць…” Гэта адпавядае мне, майму настрою, мне вельмі падабаецца такое спяваць. На сцэне ў Віцебску я буду дзяліцца з усімі радасцю і добрым настроем.


ЧИТАТЬ ПОЛНОСТЬЮ: 

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16258