Ваня ЗДАНЮК: “Буду ламаць стэрэатыпы!” газета КУЛЬТУРА

preview

Хутка пра Ваню ЗДАНЮКА будуць казаць на ўсіх тэлеканалах — час “Славянскага базару ў Віцебску” блізіцца. Менавіта Ваня (а не Іван) сёлета прадставіць Беларусь на XXVIII Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2019”. Конкурсы для яго справа даволі звыклая — іх было нямала, хаця артыст яшчэ зусім малады і вучыцца на трэцім курсе БДУКіМ. Але ж спевам і выступленням на сцэне ён прысвяціў амаль усё жыццё! І вось узятая новая вяршыня — у канкурэнтнай барацьбе здабытае права выступаць на конкурсе ў Віцебску і 13 — 14 ліпеня змагацца за Гран-пры. У дзень “Славянскага хіта” Ваня Зданюк у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі выканае новую песню аўтарства Uzari, а ў дзень “Сусветнага хіта” прагучыць песня групы Imagine Dragons. Жадаем нашаму маладому артысту ўдачы!

— Вы дасведчаны “конкурсны баец”, але такі фестываль, як “Славянскі базар у Віцебску”, пакуль, мабыць, самы значны ў вашым 19-гадовым жыцці?

— У маёй біяграфіі ўжо былі сур’ёзныя тэлепраекты — напрыклад, “Ну-ка, все вместе” на тэлеканале “Россия-1”, “Битва талантов” на МузТВ. Але такога маштабнага і значнага конкурсу, на якім мне даверана прадстаўляць сваю краіну, яшчэ не было. Гэта той самы фестываль, які дае мне шанс гучна заявіць пра сябе як пра артыста. А яшчэ дзякуючы ўдзелу ў гэтым конкурсе я маю магчымасць папрацаваць з камандай Прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, які і займаецца маёй падрыхтоўкай.

— Вы схільны да моднай актуальнай музыкі. А яна даволі рэдка гучыць на конкурсах вакалістаў, асабліва калі яны спяваюць у суправаджэнні аркестра. І ўвогуле, “Славянскі базар” у першую чаргу асацыіруецца з традыцыйнай, яшчэ савецкага ўзору эстрадай. Вы прадстаўнік іншага пакалення. Ці не пужае вас гэта?

— Яшчэ на фінале адборачнага канцэрта ў Оршы была мэта выступіць менавіта з тым, што падабаецца мне, што слухаю я, і ад чаго як выканаўца я атрымліваю задавальненне. Гэта былі кампазіцыя Nature групы Imagine Dragons і песня Уладзіміра Праснякова “Слушая тишину”. Мне нават казалі: “А як ты будзеш Imagine Dragons спяваць? Гэта ж увогуле нефармат, гэта не для конкурсу!” Але журы ацаніла добра, а публіка ўвогуле выдатна сустрэла маё выступленне — уся зала падпявала, апладзіравала яшчэ на працягу самой песні. Такім чынам я трохі паламаў стэрэатыпныя ўяўленні. Я так і кажу, што мы ідзём на “Славянскі базар” ламаць стэрэатыпы, прынесці туды нешта новае. Разлічваем, што і журы, і публіка гэта ацэніць.

— Магу сказаць, што ў вас добры густ у папулярнай музыцы. А хто ў Беларусі вам стылістычна блізкі? Ці ёсць у нас свая плынь падобных музыкантаў?

— У першую чаргу я назаву, канешне, Uzari — мы з ім на адной творчай і стылістычнай хвалі. Кірыл Гуд, ён жа Кірыл Ермакоў — цудоўны аўтар і выканаўца, ён неяк рабіў мне аранжыроўку. Хелена Мераі, Даніэль Ястрэмскі — яны імкнуцца такую музыку рабіць, мы сябруем з імі. Гэта такі еўрапейскі фармат, папраўдзе актуальны. Кагосьці назваць яшчэ мне складана. Не надта шмат пакуль у нас падобнай музыкі..

— Да славы на эстраднай сцэне імкнуцца многія, а вось яе дасягаюць… І часта справа нават не ў голасе і не ў таленце. Ці задумваецеся вы пра гэта?

— Мабыць, пакуль мне яшчэ рана пра такое задумвацца: трэба прайсці ўсе запланаваныя этапы. У любым выпадку, я зраблю ўсё, каб мая мара здзейснілася і я стаў паспяховым артыстам. Думаю, калі ты любіш сваю справу, калі ты ёй адданы, калі з самога маленства ўсё жыццё ёй прысвяціў — то знойдзеш сабе месца ў ёй. А гэта якраз мая гісторыя. Так што ўсё ў мяне атрымаецца!

ЧИТАТЬ ПОЛНОСТЬЮ:

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16221